«У ІМЯ БУДУЧЫНІ»

18 ноября 2022 г.

Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў
прадстаўляе выстаўку работ выкладчыкаў, студэнтаў і выпускнікоў БДАМ,
прысвечаную Году гістарычнай памяці
«У ІМЯ БУДУЧЫНІ»
0+


З 25 лістапада 2022 года па 13 студзеня 2023 года ў выставачных залах Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў пройдзе выстаўка «У імя будучыні», прысвечаная Году гістарычнай памяці. У экспазіцыю ўвойдуць работы, створаныя выкладчыкамі, студэнтамі і выпускнікамі Акадэміі ў перыяд з 1960-х па 2020-я гады. Гледачы змогуць пазнаёміцца з выяўленчым, дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам і дызайнам вядомых у краіне і свеце аўтараў, якія маюць дзяржаўныя ўзнагароды Рэспублікі Беларусь і зарэкамендавалі сябе на прэстыжных міжнародных конкурсах і выставачных праектах.
Прадстаўленыя творы адлюстроўваюць знакавыя падзеі і этапы гісторыі нашай краіны, якія сфарміравалі нацыянальную самасвядомасць і самабытную культуру беларусаў. Усе работы прасякнуты павагай да гісторыі Радзімы і дасягненняў беларускага народа. Некаторыя мастакі раскрываюць свой асабісты погляд на гісторыю Беларусі праз летапіс уласных успамінаў і гісторыі сваіх сем’яў. У творах аўтараў рознага часу мастацка-вобразнымі сродкамі адлюстраваны гераізм удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, працавітасць і мужнасць народа.
Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў зрабіла значны ўнёсак у захаванне і фарміраванне гістарычнай памяці беларусаў. Шматлікія творы, выкананыя выкладчыкамі і студэнтамі, сталі ўзорнымі прыкладамі высокага майстэрства. Імі створаны знакавыя, напоўненыя глыбокім сэнсам помнікі ахвярам генацыду, партрэты герояў Вялікай Айчыннай вайны, адлюстраваны сюжэты падзей вайны. У ваенны час будучыя супрацоўнікі і студэнты Акадэміі мужна абаранялі Радзіму. У сценах Акадэміі памятаюць і шануюць самаадданасць і ахвярнасць людзей, якія загінулі ў імя мірнага неба.
Экспазіцыя дазволіць прасачыць этапы развіцця стылістычных асаблівасцей айчыннага мастацтва – ад традыцыйных да сучасных форм, метадаў і канцэпцый. Гэта ўнікальная магчымасць пазнаёміцца з дасягненнямі акадэмічнага мастацтва і сучаснымі мастацкімі прыёмамі.
Урачыстае адкрыццё адбудзецца ў 16.00 25.11.2022 года ў выставачнай зале «Акадэмія» (вул. Сурганава, 14).

Выставачная зала «Акадэмія» БДАМ
(вул. Сурганава 14, 1 паверх, уваход з двара)
Выставачная зала «Кодэкс» БДАМ
(вул. Сурганава, 14 А, 4 паверх)

Час працы выставачных залаў:
Пн. – Пт.: 09:00-18:00
НАВЕДВАННЕ ПА ПАПЯРЭДНІМ ЗАПІСЕ
Тэл. +375 17 373 69 79
Е-mail: expo@bdam.by

Назад